Бруна
Шульц.
Апавяданьні
[з кнігі
“Цынамонавыя
крамы”]
НІМРАД
Увесь
жнівень
гэтага году я
прабавіўся з
маленькім
слаўным
сабачкам, які
аднаго дня апынуўся
на падлозе
нашай кухні;
недалужны й
пісклівы, зь
несфармаванай,
круглаватай,
трымклівай
галоўкай, з
лапкамі,
раскірачанымі
на бакі, як у
крата, і з
найдалікатнейшай
мякенькай
поўсьцю,—
ён яшчэ пах
малаком і
немаўляцтвам.
Зь
першага ж
пагляду гэты
драбочак
жыцьця атрымаў
усё
захапленьне,
увесь
энтузіязм хлапечай
душы.
Зь якога
неба так
неспадзявана
зваліўся гэты
ўлюбёнец
багоў,
мілейшы
сэрцу, чымся
найцудоўнейшыя
забаўкі? Нават
і ў старых,
наагул
нецікавых,
пасудніцаў
іншым разам
зьяўляецца
такая
цудоўная
задума —
прынесьці з
прадмесьця, а
цалкам раньняй,
трансцэндэнтальна
ранішняй гадзіне,
вось такога
сабачку ў
нашую кухню.
Ах! Быў я
яшчэ, на жаль,
адсутны,
ненароджаны
зь цёмнага
ўлоньня сну,
а гэтае
шчасьце ўжо
зьдзейсьнілася,
ужо чакала
нас,
недалужна
лежачы на
халаднаватай
падлозе
кухні,
недаацэненае
Адэляй і хатнімі. Чаму
мяне не
пабудзілі
раней! Сподак
малака на
падлозе
сьведчыў пра
мацярынскія
інстынкты
Адэлі,
сьведчыў ён,
на жаль,
таксама й пра
імгненьні
мінулага,
назаўжды для
мяне
страчанага,
пра насалоды
мацярынства
й усынаўленьня,
у якіх я ня
браў удзелу.
Але
яшчэ ўся
будучыня
належала мне.
Якое ж бязьмежжа
выпрабаваньняў,
экспэрымэнтаў,
адкрыцьцяў
адчынялася
цяпер! Сакрэт
жыцьця, найістотнейшая
яго таямніца,
зьведзеная да
гэтай
найпрасьцейшай,
найзручнейшай,
да гэтай
цацачнай
формы,
агалялася
тут перад
ненаеднай
цікаўнасьцю.
Гэта было
надзвычай
цікава — мець
ва
ўласнасьці
такое каліўца
жыцьця, такую
часьціначку
адвечнай
таямніцы, у такім
забаўным і
новым
абліччы, што
абуджала
бясконцую
дапытлівасьць
і прыхаваную пашану
сваёй
чужасьцю,
неспадзяванаю
транспазыцыяй
таго самага
матыву
жыцьця, які ўласьцівы
й нам, на
адрозную ад
нашай, зьвярыную
форму.
Зьвяркі!
Мэта
ненасычанай
цікаўнасьці,
экзэмпліфікацыя
загадкі
жыцьця,
быццам створанай
дзеля таго,
каб чалавеку
паказаць чалавека,
раскладаючы
яго багацьце
й складанасьць
на тысячу
калейдаскапічных
мажлівасьцяў,
зь якіх
кожная
даведзеная
да нейкай
парадаксальнай
скрайнасьці,
да нейкай надзвычайна
наравістай
буйнасьці. Не
абцяжаранае
суплётам
эгатычных
інтарэсаў, што
баламуцяць
людзкія
дачыненьні,
адчынялася
сэрца поўнае
сымпатыі да
чужых эманацыяў
вечнага
жыцьця,
поўнае
любоўнай,
суўдзельнай
цікавасьці,
што была
замаскаваным
голадам самаспазнаньня.
Сабачка
быў
аксамітны,
цёплы й
пульсаваў маленькім
хуткім
сэрцам. Ён
меў два
лапікі вушэй,
блакітнаватыя,
мутныя вочкі,
ружовую зяпачку,
у якую можна
было без
усялякай небясьпекі
ўкласьці
палец, далікатныя
й нявінныя
лапкі з
кранальнымі
ружовымі
бародавачкамі
ззаду, над
ступачкамі пярэдніх
ног. Гэтымі
нагамі ён
улазіў у міску
з малаком,
прагны й
нецярплівы,
хлябтаў напой
ружовым
язычком, каб,
наеўшыся,
жаласьліва
падняць
маленькую
пысачку з
кропляй малака
на барадзе й
нехлямяжа
падацца з
малочнай
купальні.
Хада
яго была
нязграбным
віхляньнем,
бокам
наўскос, у
нявызначаным
кірунку, па
лініі трохі
п'янай і
хісткай.
Дамінантай
яго настрою
была нейкая
неакрэсьленая
й глыбокая маркота,
сіроцтва й
бязраднасьць
—
няздольнасьць
запоўніць
нечым пустэчу
жыцьця паміж
сэнсацыямі
наедкаў. Гэта
выяўлялася ў
бясплянавасьці
й
непасьлядоўнасьці
рухаў,
ірацыянальных
нападах настальгіі
з
жаласьлівым
скавытаньнем
і немагчымасьцю
знайсьці
сабе мейсца.
Нават яшчэ ў
глыбіні сну,
у якім
патрэбу
абаперціся й
прытуліцца ён
мусіў
задавальняць,
ужываючы для
гэтага
ўласную
асобу,
скручаную ў
дрыготкі
клубок,— яго
не пакідала
адчуваньне
асірацеласьці
й
беспрытульнасьці.
Ах, жыцьцё —
маладое й
кволае
жыцьцё,
выпушчанае з
надзейнай цемры,
з утульнага
цяпла
мацярынскага
ўлоньня на
вялікі й
чужы, сьветлы
сьвет, як жа
курчыцца яно
й адступае,
як цураецца
прыняць гэтую
прапанаваную
яму імпрэзу —
поўнае агіды
й неахвоты!
Вось
так паціху
маленькі
Німрад (ён
атрымаў быў
гэтае гордае
й ваяўнічае
імя) пачынае
адчуваць
смак да
жыцьця. Вынятковая
апанаванасьць
вобразам
мацярынскай
праеднасьці
саступае
спакусе разнастайнасьці.
Сьвет
пачынае
ставіць на
яго пасткі:
невядомы
чароўны смак
розных
наедкаў,
чатырохкутнік
ранішняга
сонца на
падлозе, на якім
так добра
ўлегчыся,
рухі
ўласнага цельца,
уласныя
лапкі,
хвосьцік, што
гарэзьліва
кліча
пазабаўляцца
з самім
сабой, ласкі
чалавечай
рукі, пад
якімі
пакрыху
дасьпявае
пэўная
свавольнасьць,
весялосьць,
што расьпірае
цела й
нараджае
патрэбу ў
зусім новых,
гвалтоўных і
рызыкоўных
рухах, — усё
гэта падкупае,
пераконвае й
падахвочвае
прыняць
экспэрымэнт
жыцьця,
пагадзіцца
зь ім.
І
яшчэ. Німрад
пачынае
разумець:
тое, што яму
падсоўваюць,
нягледзячы
на ўяўную
навіню,
ёсьць, у
ісьце, тым,
што ўжо было —
было шмат
разоў —
безьліч,
процьму
разоў. Яго
цела спазнае
сытуацыі,
уражаньні й
прадметы. У ісьце,
усё гэта ня
надта яго
дзівіць.
Перад абліччам
кожнай новай
сытуацыі ён
дае нырца ў
сваю памяць,
у глыбокую
памяць цела,
і шукае
навобмацак,
ліхаманкава —
і здараецца,
што
знаходзіць у
сабе
адпаведную,
ужо гатовую,
рэакцыю:
мудрасьць
пакаленьняў,
закладзеную
ў яго
плязьме, у
яго нэрвах.
Знаходзіць
нейкія
ўчынкі,
рашэньні, пра
якія й сам ня
ведаў, што
яны ў ім
дасьпелі й
чакалі нагоды,
каб
выскачыць.
Абстава
яго маладога
жыцьця —
кухня з
духмянымі
цэбрамі, з
анучамі, якія
так складана
й інтрыгоўна
пахнуць, зь
ляпаньнем
Адэліных
пантофляў, зь
яе клумнай
мітусьнёй —
больш яго не
палохае. Ён
ужо
прызвычаіўся
лічыць кухню
сваёй сядзібай,
асвойтаўся ў
ёй і пачаў
разьвіваць
да яе цьмянае
пачуцьцё
прыналежнасьці,
айчыны.
Хіба
што
неспадзявана
на яго
абрынаўся катаклізм
у выглядзе
шараваньня
падлогі — парушэньне
законаў
прыроды,
выплескі
цёплага лугу,
што
падмывалі
ўсю мэблю, і
грозны шоргат
Адэліных
шчотак.
Але
небясьпека
мінае,
шчотка,
сьцішэлая й
нерухомая, ціха
ляжыць у
кутку,
падсохлая
падлога
прыемна
пахне мокрым
дрэвам.
Німрад, з
наноў здабытымі
на ўласнай
тэрыторыі
звычайнымі
правамі й
свабодай,
адчувае
жывую ахвоту
хапаць
зубамі стары
плед на
падлозе й
торгаць яго з
усяе сілы
направа-налева.
Утаймаваньне
стыхіяў
напаўняе яго
невымоўнай
радасьцю.
Ураз
ён стае як
укапаны:
перад ім, за
якія тры
сабачыя
крокі,
пасоўваецца
чорная жамярына,
пачвара, што
сьпяшаецца
на прутках
скарлючаных
ножак.
Узрушаны да
дна душы, Німрад
вядзе
позіркам за
косым курсам
бліскучай
казуркі,
напружана
сочачы за
гэтым пляскатым,
безгаловым і
сьляпым
тулавам, якое
нясе
надзвычайная
рухлівасьць
павучыных
ножак.
І
штосьці ў ім
узьнімаецца,
штосьці
сьпее, разбухае
— чаго ён сам
яшчэ не разумее,
нібы нейкі
гнеў або
страх, адылі
хутчэй прыемны
й зьвязаны з
сутаргай
сілы, самапачуцьця,
агрэсіўнасьці.
І
раптам ён
прыпадае на
пярэднія
лапкі й вывяргае
зь сябе
голас, яшчэ
яму самому
незнаёмы,
чужы, цалкам
непадобны да
звычайнага скавытаньня.
Вывяргае
яго зь сябе
раз, і яшчэ
раз, і яшчэ —
тонкім
дыскантам,
які штохвілі
зрываецца.
Але
дарэмна ён
апастрафуе
казурку на
гэтай новай,
народжанай з
раптоўнага
натхненьня
мове. У
катэгорыях
прусачынай
сьвядомасьці
няма мейсца
для гэтай
тырады, і
казурка
працягвае
касы тур у
куток пакою
рухамі, асьвечанымі
адвечным
прусачыным
рытуалам.
І
ўсё ж ткі
пачуцьці
нянавісьці
ня маюць яшчэ
трываласьці
й моцы ў душы
сабачкі.
Наноў абуджаная
радасьць
ператварае
кожнае пачуцьцё
ў весялосьць.
Німрад яшчэ
брэша, але сэнс
гэтага брэху
незаўважна
зьмяніўся, стаўся
пародыяй на
сябе —
прагнучы
выказаць невымоўную
ўдаласьць
гэтай
бліскучай імпрэзы
жыцьця,
поўнай
пікантнасьці,
неспадзяваных
сполахаў і
цудаў.
Было
гэта ў шэрыя
дні, якія
прыйшлі
пасьля цудоўнай
каляровасьці
геніяльнай
эпохі майго
бацькі. Гэта
былі доўгія
тыдні
дэпрэсіі,
цяжкія тыдні
без выходных
і сьвятаў,
пад глухім
небам і ва
ўбогім
краявідзе.
Бацькі ў той
час ужо не
было. Верхнія
пакоі
прыбралі й
здалі нейкай
тэлефаністцы.
Ад усёй
птушынай
гаспадаркі
нам застаўся
адзіны
экзэмпляр —
пудзіла
кондара, што
стаяла на
паліцы ў
залі. Там, у
халодным
паўзмроку
пазавешаных
фіранак ён
стаяў, як пры
жыцьці, на
адной назе, у
позе
будыйскага
мудраца, а
яго ссохлы
твар аскета
скамянеў у
выразе
скрайняй
гаркоты,
абыякавасьці
й вырачэньня.
Вочы выпалі,
а праз
выплаканыя,
сьлязістыя
арбіты
сыпалася
пілавіньне.
Толькі
рагавыя
эгіпэцкія нарасьці
на голай
магутнай
дзюбе й на
лысай шыі,
нарасьці й
камякі
блякла-блакітнай
фарбы
надавалі
гэтай
старэчай
галаве нешта годна
гіератычнае.
Яго
перыстая
сутана была ў
многіх
мейсцах пажэртая
мольлю й
губляла
мяккае шэрае
пер'е, якое
Адэля раз на
тыдзень
вымятала
разам з
безыменным
пакаёвым
пылам. У
палыселых мейсцах
вызірала
раднянае,
грубае
палатно, зь
якога
вылазіла
канаплянае
пакульле. Я
хаваў у сабе
крыўду на
маці за лёгкасьць,
зь якой яна
вярнулася да
звычайнага
ўкладу
пасьля
страты
бацькі. Яна
ніколі яго не
кахала, думаў
я, бацька не
закараніўся
ў сэрцы
ніводнай
кабеты, таму
й у ніякую
рэальнасьць
ён ня мог
урасьці й
вечна лунаў
на пэрыфэрыі
жыцьця, у
напаўрэальных
крэсах, на
ўскрайку
рэчаіснасьці.
Нават прыстойнай
грамадзянскай
сьмерці ён
сабе не
заслужыў,
думаў я, усё ў
яго мусіла
быць дзівацкім
і сумнеўным.
Я вырашыў
падпільнаваць
момант і
выклікаць
маці на
шчырую размову.
Таго дня (быў
цяжкі зімовы
дзень, і ўжо з
раньня
сыпаўся
мяккі пух
змроку) маці
мела мігрэнь
і самотна
ляжала на
канапе ў
залі.
У
гэтым рэдка
наведваным
парадным
пакоі з часу
зьнікненьня
бацькі
панаваў
узорны парадак,
які
падтрымліваўся
Адэляй пры
дапамозе
воску й
шчотак. Мэбля
была
прыкрытая футараламі;
усе рэчы
падначаліліся
жалезнай
дысцыпліне,
якую Адэля
ўсталявала ў
гэтым пакоі.
Толькі жмут
паўлінавага
пер'я, што
стаяў у вазе
на камодзе,
не скараўся.
Быў гэта
элемэнт
свавольны,
небясьпечны,
з прыхаванай
рэвалюцыйнасьцю,
быццам
неўтаймаваная
кляса
гімназістак,
з выгляду
набожная, а
насамрэч —
цнатлівасьці
ні ў адным
воку. Гэтыя
вочы цэлы
дзень
сьвідравалі-буравалі
дзіры ў
сьценах,
міргалі,
наскоквалі
адно на адно,
лыпаючы
вейкамі, з
пальцам на вуснах,
поўныя
гігіканьня й
пракудніцтва.
Яны напаўнялі
пакой
сакатаньнем
і шэптам,
рассыпаліся,
як матылі,
навокал
раскідзістай
лямпы, біліся
каляровым
кагалам у
пабляклыя, старэчыя
люстры,
адвыклыя ад
рухлівасьці й
весялосьці,
зазіралі
праз
замочныя
шчыліны. Нават
у
прысутнасьці
маці, што
ляжала з завязанай
галавой на
канапе, яны
не маглі стрымацца:
строілі
вочкі,
падавалі
адно адному знакі,
прамаўлялі
нямым,
каляровым
альфабэтам,
поўным
таямнічых
значэньняў.
Мяне ятрыла
гэтае
кплівае
паразуменьне,
гэтая мільгатлівая
змова за маёй
сьпінай; з
каленьмі прыціснутымі
да канапы
маці,
дасьледуючы
двума
пальцамі,
быццам у
задуменьні,
далікатную
матэрыю яе
халата, я,
нібы
мімаходам, сказаў:
— Я даўно
хацеў у цябе
запытацца:
праўда, што
гэта ён? — І
хоць я нават
позіркам не
паказаў на
кондара —
маці
адгадала
адразу, моцна
сумелася й
апусьціла
вочы долу. Я наўмысна
прамарудзіў,
каб адчуць
смак яе зьбянтэжанасьці,
а потым
цалкам
спакойна, стрымліваючы
гнеў, што
ўзьнімаўся
ўва мне, спытаў:
— Які, у такім
разе, сэнс
маюць усе
гэтыя плёткі,
уся хлусьня,
якую ты
разносіш пра
бацьку?
Аднак
яе рысы, якія
ў першы
момант былі
рассыпаліся
ўроспалашы,
пачалі знову
вяртацца да
парадку. —
Якая хлусьня?
— Спытала яна,
міргаючы
пустымі,
налітымі
цёмным
блакітам вачыма
безь бялку. — Я
ведаю яе ад
Адэлі,—
сказаў я,— але
ведаю, што
яна паходзіць
ад цябе; я
хачу ведаць
праўду.
Яе
вусны лёгка
дрыжэлі,
зрэнкі,
унікаючы майго
позірку,
зьбеглі ў кут
вока. — Я ня
хлусіла, —
сказала яна,
а яе вусны
набраклі й
адначасна
сталіся
малымі. Я
адчуў, што
яна
какетнічае
са мной,
быццам
кабета з мужчынам.
— Гэта праўда
што да
прусакоў —
сам жа
памятаеш... — Я
сумеўся. Я
сапраўды
памятаў гэтае
прусачынае
нашэсьце,
гэтую залеву
чорнай
навалы, што
напаўняла
начное
цемрыва
павучынай
беганінай.
Усе дзіры
былі поўныя
дрыготных
вусоў, кожная
шчыліна магла
зьнянацку
стрэліць
прусаком, з
кожнай расколіны
ў падлозе
магла
выбухнуць
чорная
маланка й
паляцець
шалёным
зыгзагам па падлозе.
Ах, гэтае
дзікае
вар'яцтва
вэрхалу,
накрэсьленае
бліскучай
чорнай
лініяй на дошцы
падлогі. Ах,
гэтыя
жахлівыя
крыкі бацькі,
які скокаў з
крэсла на
крэсла з
дроцікам у руцэ.
Не прыймаючы
ані ежы, ані
пітва, з
плямамі ад
гарачкі на
твары, з
сутаргай
агіды, урытай
каля вуснаў,
мой бацька
зусім
зьдзічэў. Было
зразумела,
што гэткага
напружаньня
нянавісьці
ніводны
арганізм
доўга вытрымаць
ня можа.
Страшэнная
гідлівасьць зрабіла
яго твар
застылай
трагічнай
маскай, у
якой толькі
зрэнкі,
схаваныя за
ніжняй
павекай,
ляжалі ў
засадзе,
напятыя як
цеціва, вечна
недаверлівыя.
Зь дзікім
скігатам ён
нечакана
падхопліваўся,
ляцеў
усьляпую ў кут
пакою й ужо
падымаў
дроцік з
наколатым на яго
велізарным
прусаком, што
ў роспачы перабіраў
каламесай
сваіх ножак.
Адэля прыходзіла
тады на
дапамогу
зьбялеламу
ад агіды й
забірала
піку разам з
наколатым
трафеем, каб
патапіць яго
ў цэбрыку.
Адылі ўжо ў
той час я ня
змог бы
сказаць, ці
гэтыя
карціны прышчапіла
мне Адэля, ці
гэта я сам
таксама быў
іх сьведкам.
Мой бацька
ўжо тады ня
меў той сілы
супраціву,
што абараняе
здаровых людзей
ад
зачараваньня
агідай. Заміж
таго, каб
адмежавацца
ад
страшэннай
прыцягальнай
сілы гэтага
зачараваньня,
мой бацька, аддадзены
бясчынству
шалу, усё
больш ублытваўся
ў яго. Сумныя
вынікі не
прымусілі
доўга сябе
чакаць. Ураз
зьявіліся
першыя падазроныя
знакі, якія
напалохалі й
засмуцілі нас.
Паводзіны
бацькі
зьмяніліся.
Яго шал, эйфарыя
яго
ўзбуджэньня
згасла. У
рухах і міміцы
сталі
заўважацца
азнакі
нячыстага
сумленьня. Ён
пачаў нас
пазьбягаць,
увесь дзень хаваўся
па кутох, у
шафах, пад
пярынай. Ня
раз я бачыў,
як у
задуменнасьці
ён разглядаў
свае рукі,
дасьледаваў
рэльеф скуры,
пазногці, на
якіх пачалі
зьяўляцца
чорныя плямы,
падобныя да
прусачынай
лускі.
Удзень
ён яшчэ
супраціўляўся
рэшткамі сілаў,
змагаўся, але
ўначы
зачараваньне
магутна
наступала. Я
бачыў яго
позьняй
ноччу, у сьвятле
сьвечкі, што
стаяла на
падлозе. Мой
бацька ляжаў
на зямлі
голы,
сьпярэшчаны
чорнымі плямамі
татэму,
скрэсьлены
лініямі
рэбраў, фантастычным
анатамічным
малюнкам, што
вызірае
вонкі; ён
ляжаў на
карачках,
апантаны зачараваньнем
абрыды, што
ўцягвала ў
глыбіню сваіх
заблытаных
дарог. Мой
бацька ўсімі
часткамі
цела рухаўся
складаным
рухам дзіўнага
рытуалу, у
якім я з
жахам пазнаў
імітацыю
прусачынага
абраду.
З
таго часу мы
выракліся
бацькі.
Падабенства
да прусака
штодзень
рабілася ўсё
больш выразным
— мой бацька
ператвараўся
ў прусака.
Мы
пачалі
прызвычайвацца
да гэтага. Мы
бачылі яго
ўсё радзей,
цэлымі
тыднямі ён
прападаў
дзесьці на
сваіх
прусачыных
шляхах — мы перасталі
яго
пазнаваць, ён
цалкам
зьліўся з
гэтым
незвычайным
чорным
племем. Хто
мог бы
сказаць, ці
жыў ён яшчэ
дзесьці ў
нейкай
шчыліне
паміж масьнічын,
ці перабягаў
начамі пакоі,
ублытаны ў
прусачыныя
афэры, ці,
можа, быў
сярод гэтых
мёртвых
жамярынаў,
якіх Адэля
кожнага
ранку
знаходзіла
на падлозе
брухам дагары,
ашчаціненых
нагамі, і з
агідай несла
на сьметніцу
й выкідала?
— Але,—
сказаў я,
зьбіты з
тропу,— я
ўпэўнены, што
гэты кондар —
ён. — Маці
паглядзела
на мяне з-пад
ілба: — Не
мардуй мяне,
дарагі — я ж
ужо табе казала,
што бацька
падарожнічае
па краіне як
коміваяжор —
ты ж ведаеш,
што часам уначы
ён прыязджае
дадому, каб
да
сьвітаньня ад'ехаць
яшчэ далей.
Пераклаў
з польскае
Кірыла
Ільніцкі
Часапіс
"Паміж", № 4-2004—2005
гг.